Жыхары Гомеля салідарныя з украінцамі (фота)

24.01.2014 00:58

Гамельчукі працягваюць ладзіць акцыі падтрымкі з пратэстоўцамі ў Кіеве. З дзясятак чалавек прыйшлі да помніка Тарасу Шаўчэнку, каб ускласці кветкі. Сярод іх – праваабаронца Анатоль Паплаўны.

Анатоль Паплаўны:

- Я ўдзельнічаю ў акцыі, таму што ва Украіне адбываюцца значныя падзеі. Бо калі пратэстоўцы перамогуць, то, думаю, і для беларускага народу наступіць пэўная палёгка. З аднаго боку, украінскія падзеі – вельмі важныя, а, з другога, – сумныя. Бо загінулі людзі. У знак салідарнасці з украінскім дэмакратычным рухам я прыйшоў сюды – да помніка Тарасу Шаўчэнку.

Таксама жыхары абласнога цэнтра ўшанавалі памяць забітых у Кіеве. У выніку сутыкненняў дэманстрантаў і сілавых структураў ва Украіне за чацьвёра сутак загінула пяць чалавек. Сярод якіх і беларус Міхал Жызнеўскі. Маладафронтавец Андрусь Цянюта распавёў, чаму ён прыйшоў на акцыю.

Андрусь Цянюта:

- Мы вырашлі ўшанаваць памяць невінаватых ахвяраў, якія загінулі ў Кіеве. У тым ліку, і нашага земляка Міхала Жызнеўскага. Яны аддалі свае жыцці за незалежнасць, за свабоду і за будучыню Украіны. Мы салідарныя з украінскім народам.

У Кіеве больш за два месяцы праходзяць акцыі пратэсту. Мітынгоўцы патрабуюць датэрміновых выбараў і адстаўкі ўраду. А таксама інтэграцыі з Еўропай.

“Радыё Рацыя”